ПАДЗО́РНАЯ ТРУБА́,

аптычная прылада для назірання далёкіх прадметаў адным вокам. Вядома з канца 16 — пач. 17 ст. У 1609 П.т. 32-кратнага павелічэння пабудаваў і выкарыстаў для астр. даследаванняў Г.Галілей. Іншы тып П.т. прапанаваў у 1610—11 І.Кеплер (пабудавана каля 1630).

Асн. элементы П.т. — аб’ектыў і акуляр. Аб’ектыў — збіральная сістэма; дае сапраўдны, паменшаны і перавернуты відарыс аддаленага прадмета паблізу факальнай плоскасці. У схеме Галілея акуляр — рассейвальная лінза, размешчаная паміж аб’ектывам і яго факальнай плоскасцю, дае прамы відарыс. У схеме Кеплера акуляр — збіральная лінза, у якую відарыс, атрыманы пасля аб’ектыва, разглядаецца, як у лупу (відарыс застаецца перавернутым); для атрымання прамога відарыса паміж аб’ектывам і акулярам змяшчаюць абарачальную сістэму. Сучасныя П.т. маюць поле зроку 90—100° і павелічэнне ў дзесяткі разоў.

Я.У.Чайкоўскі.

Падзорная труба: а — схема Галілея, б — схема Кеплера, в — труба Кеплера з абарачальнай лінзай; 1 — аб’ектыў, 2 — акуляр, 3 — абарачальная лінза.

т. 11, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)